Уводзіны ў тэхніку

Віпа́сана — адна з найстаражытнейшых тэхнік медытацыі Індыі. Доўгі час страчаная для чалавецтва, яна была вынайдзеная наноў Готамам Буддам больш за 2500 гадоў таму. Слова  Віпа́сана  азначае «бачыць рэчы такімі, якімі яны ёсць насамрэч». Гэта працэс самачысткі праз саманазіранне. Пачатак заключаецца ў назіранні за натуральным дыханнем, каб засяродзіць розум. З узмацненнем усведамлення чалавек пераходзіць да назірання за зменлівасцю цела і розуму, адчуваючы сусветныя ісціны: часовасць, пакуты і адсутнасць эга. Такое рэалізаванне ісціны праз прамы досвед — гэта працэс ачышчэння. Увесь шлях (Дхамма) з'яўляецца ўніверсальным сродкам для вырашэння ўніверсальных праблем і не мае дачынення да якой-небудзь арганізаванай рэлігіі ці сектанцтва. Менавіта таму ён можа свабодна практыкавацца кожным, у любы час і ў любым месцы, без канфліктаў, звязаных з расай, супольнасцю ці рэлігіяй, і будзе аднолькава карысным для ўсіх.

Віпа́сана — гэта не:

  • Гэта не абрад або рытуал, заснаваны на сляпой веры.
  • Гэта не інтэлектуальная ці філасофская забава.
  • Гэта не адпачынак і не вакацыі, і не магчымасць для сацыялізацыі.
  • Гэта не ўцёкі ад выпрабаванняў і цяжкасцяў штодзённага жыцця.

Віпа́сана — гэта:

  • Гэта тэхніка, якая знішчыць пакуты.
  • Гэта метад ачышчэння розуму, які дазваляе спакойна і збалансавана сутыкнуцца з праблемамі і напружаннем жыцця.
  • Гэта мастацтва жыцця, якое можна выкарыстоўваць для таго, каб рабіць станоўчы ўнёсак у грамадства.

Медытацыя Віпа́сана накіравана на дасягненне самых высокіх духоўных мэтаў — поўнага вызвалення і поўнага прасвятлення. Яе мэта ніколі не зводзіцца толькі да ацалення ад фізічных хвароб. Аднак, як пабочны вынік ачышчэння розуму, многія псіхасаматычныя захворванні знікаюць. Насамрэч, Віпа́сана выдаляе тры прычыны ўсіх няшчасцяў: жаданне, агіду, няведанне. Цягам практыкі медытацыя вызваляе ад напружанасці, якая ўзнікае ў паўсядзённым жыцці, распускаючы вузлы, зацягнутыя старымі звычкамі рэагаваць неўраўнаважана на прыемныя і непрыемныя сітуацыі.

Нягледзячы на тое, што Віпа́сана была распрацавана Буддам, але практыкаваць яе могуць не толькі будысты. Абсалютна няма пытання пра канфесію. Тэхніка працуе на простай аснове: усе людзі маюць аднолькавыя праблемы, і тэхніка, якая можа вырашыць гэтыя праблемы, будзе мець універсальнае ўжыванне. Людзі з розных рэлігійных канфесій адчулі карысць ад медытацыі Віпа́сана і не знайшлі канфлікту з іх рэлігійным вызнаннем.

Медытацыя і самадысцыпліна

Працэс самаачышчэння праз саманазіранне, безумоўна, ніколі не бывае лёгкім — студэнты павінны прыкладаць вялікія намаганні. Праз свае ўласныя высілкі студэнты дасягаюць уласных разуменняў; ніхто не можа зрабіць гэта за іх. Таму медытацыя падыдзе толькі тым, хто гатовы сур’ёзна працаваць і выконваць дысцыпліну, якая існуе для карысці і абароны медытуючых і з’яўляецца неад’емнай часткай практыкі медытацыі.

Дзесяць дзён — гэта сапраўды вельмі кароткі час для таго, каб пранікнуць у найглыбейшыя пласты несвядомага і навучыцца выкараняць комплексы, якія там знаходзяцца. Бесперапыннасць практыкі на адасобленасці — гэта сакрэт поспеху. Правілы і рэгламенты былі распрацаваны з улікам гэтага практычнага аспекту. Яны не накіраваны пераважна на карысць Настаўніка ці арганізатараў курсаў, гэта не следаванне традыцыі, сляпой веры ці якой-небудзь рэлігіі. Наадварот, яны грунтуюцца на практычным вопыце тысяч медытуючых на працягу многіх гадоў і з'яўляюцца як навуковымі, так і рацыянальнымі. Скаардынаванае выкананне правілаў стварае вельмі спрыяльную атмасферу для медытацыі; парушэнне іх забруджвае яе.

Студэнт павінен заставацца на курсе да заканчэння. Іншыя правілы таксама павінны быць уважліва прачытаныя і разгледжаныя. Толькі тыя, хто адчувае, што могуць сумленна і старанна выконваць дысцыпліну, павінны падаваць заяўку на ўдзел. Тыя, хто не гатовы прыкладаць рашучыя намаганні, будуць марнаваць свой час і, больш таго, перашкаджаць іншым, хто хоча працаваць сур'ёзна. Патэнцыйны студэнт таксама павінен разумець, што пакінуць курс, не скончыўшы яго, з-за таго, што дысцыпліна занадта цяжкая, будзе як непажадана, так і шкодна. Тое ж самае тычыцца і таго, калі, нягледзячы на шматразовыя напаміны, студэнт не выконвае правілы і праз гэта адлiчваецца з курса.

Асобы з сур'ёзнымі псіхічнымі расстройствамі

Некаторыя людзі з сур'ёзнымі псіхічнымі расстройствамі прыходзілі на курсы Віпа́саны з нерэалістычным чаканнем, што тэхніка вылечыць або палегчыць іх псіхічныя праблемы. Нестабільныя міжасабовыя адносіны і гісторыя хваробы могуць быць дадатковымі фактарамі, якія ўскладняюць атрыманне карысці або нават не дазволяць завяршыць дзесяцідзённы курс. Нашы магчымасці як непрафесійнай валанцёрскай арганізацыі не дазваляюць нам належным чынам клапаціцца пра людзей у такiм стане. Нягледзячы на тое, што медытацыя Віпа́сана карысная для большасці людзей, яна не з’яўляецца заменай медыцынскаму ці псіхіятрычнаму лячэнню, і мы не рэкамендуем яе людзям з сур'ёзнымі псіхіятрычнымі расстройствамі.

The Code of Discipline

Асновай практыкі з'яўляецца sīla (шыла) — маральная паводзіны. Шыла забяспечвае падмурак для развіцця samādhi (самадхi) — канцэнтрацыі розуму; а ачышчэнне розуму дасягаецца праз paññā (пання) — мудрасць пранікнення ў сабе.

Правілы паводзінаў

Усе, хто прымае ўдзел у курсе Віпа́саны, павінны сумленна выконваць наступныя пяць прадпісанняў на працягу ўсяго курса:

  1. Устрымлiвацца ад забойства любой жывой істоты;
  2. Устрымлiвацца ад крадзяжу;
  3. Устрымлiвацца ад любой сексуальнай актыўнасці;
  4. Устрымлiвацца ад падману;
  5. Устрымлiвацца ад ужывання адурманьваючых рэчываў.

Існуюць тры дадатковыя прадпісанні, якія павінны выконваць старыя студэнты (гэта значыць тыя, хто завяршыў курс з С.Н. Гóенкам або адным з яго Настаўнікаў-асістэнтаў) на працягу курса:

  1. Устрымлiвацца ад ежы пасля поўдня;
  2. Устрымлiвацца ад пачуццевых задавальненняў і ўпрыгожванняў цела;
  3. Устрымлiвацца ад выкарыстання высокіх або пышных ложкаў.

Старыя студэнты будуць выконваць шостае правіла, п'ючы чай без малака ці фруктовага соку падчас перапынку а 17-й гадзіне, у той час як новыя студэнты могуць піць чай з малаком і некаторымі фруктамі. Настаўнік можа вызваліць старога студэнта ад выканання гэтага прадпісання па медыцынскіх прычынах. Сёмае і восьмае правілы будуць выконваць усе.

Прыняцце Настаўніка і тэхнікі

Студэнты павінны заявіць, што гатовыя цалкам і на працягу ўсяго курса выконваць указанні і інструкцыі Настаўніка; гэта значыць, выконваць дысцыпліну і медытаваць дакладна так, як Настаўнік просіць, не ігнаруючы ніводнай часткі інструкцый і не дадаючы нічога да іх. Гэта прыняцце павінна быць заснавана на разважлiвасцi і разуменні, а не на сляпым падпарадкаванні. Толькі з такім стаўленнем даверу студэнт можа працаваць старанна і грунтоўна. Такая вера ў Настаўніка і тэхніку з'яўляецца важным фактарам для поспеху ў медытацыі.

Іншыя тэхнікі, абрады і формы пакланення

Падчас курса абсалютна неабходна прыпыніць усе формы малітвы, пакланення ці рэлігійных абрадаў — пост, запальванне духмянасцяў, перабіранне пацераў, прамаўленне мантраў, спевы і танцы і г.д. Усе іншыя тэхнікі медытацыі і лячэння ці духоўныя практыкі таксама павінны быць прыпынены. Гэта не для таго, каб асуджаць іншыя тэхнікі ці практыкі, а каб даць справядлівы шанец тэхніцы Віпа́сана ў яе чыстым выглядзе.

Студэнтам настойліва даносiцца, што наўмыснае спалучэнне іншых тэхнік медытацыі з Віпа́санай будзе перашкаджаць і нават адмоўна ўплываць на іх прагрэс. Нягледзячы на шматразовыя папярэджанні з боку Настаўніка, у мінулым былі выпадкі, калі студэнты наўмысна змешвалі гэтую тэхніку з рытуалам або іншай практыкай, што прывяло да вялікай шкоды. Усе сумневы ці непаразуменні, якія могуць узнікнуць, павінны быць заўсёды ўдакладнены падчас сустрэчы з Настаўнікам.

Інтэрв'ю з Настаўнікам

Настаўнік даступны для асабістых сустрэч са студэнтамі паміж 12:00 і 13:00. Пытанні таксама могуць быць зададзены публiчна паміж 21:00 і 21:30 у медытацыйнай зале. Час для інтэрв'ю і пытанняў прысвячаецца толькi ўдакладненню тэхнікі і пытанням, якія з’ўляліся падчас вячарніх прамоваў.

Высакароднае маўчанне

Усе студэнты павінны захоўваць высакароднае маўчанне з самага пачатку курса да раніцы апошняга поўнага дня. Высакароднае маўчанне азначае цішыню цела, маўлення і розуму. Усе формы камунікацыі з іншымі студэнтамі, уключаючы жэсты, моўныя знакі, пісьмовыя запіскі і г.д., забаронены.

Аднак студэнты могуць размаўляць з Настаўнікам, калі гэта неабходна, і могуць звяртацца да мэнеджара з любымі праблемамі, звязанымі з ежай, пражываннем, здароўем і г.д. Але нават гэтыя кантакты павінны быць зведзены да мінімуму. Студэнты павінны развіваць адчуванне, што яны працуюць у адасобленасці.

Падзел мужчын і жанчын

Поўнае раздзяленне мужчын і жанчын павінна захоўвацца. Пары, сужэнцы ці іншыя людзі, якія маюць асабістыя сувязі, не павінны кантактаваць адзін з адным ні ў якой форме на працягу курса. То ж тычыцца сяброў, членаў адной сям'і і г.д.

Фізічны кантакт

Вельмі важна, каб на працягу ўсяго курса не было ніякага фізічнага кантакту паміж людзьмі як аднаго, так і супрацьлеглага полу.

Ёга і фізічныя практыкаванні

Не гледзячы на тое, што фізічная ёга і іншыя практыкаванні сумяшчальныя з Віпа́санай, яны павінны быць прыпынены на час курса, бо на яго тэрыторыі няма адпаведных адасобленых умоў для іх выканання. Бег таксама не дазваляецца. Студэнты могуць займацца фізічнай актыўнасцю падчас перапынкаў, шпацыруючы ў спецыяльна вызначаных зонах.

Рэлігійныя прадметы, ружанцы, крышталі, талісманы і інш.

Такія рэчы не павінны быць прынесены на тэрыторыю курса. Калі яны былі выпадкова ўзяты з сабой, іх неабходна пакінуць у кіраўніцтва на ўвесь перыяд курса.

Наркатычныя і адурманьваючыя рэчывы, лекi

Нельга прыносіць на тэрыторыю курса ніякіх наркотыкаў, алкаголю або іншых адурманьваючых рэчываў; гэта таксама датычыцца транквілізатараў, снатворных і ўсіх іншых заспакаяльных сродкаў. Тыя, хто прымае лекі па прызначэнні лекара, павінны паведаміць пра гэта Настаўніку.

Тытунь

Для захавання здароўя і камфорту ўсіх студэнтаў курэнне, жаванне тытуню і ўжыванне нюхальнага тытуню на курсе не дазваляецца.

Ежа

Задаволіць усе асаблівыя харчовыя перавагі і патрабаванні медытуючых немагчыма. Таму студэнтам ветліва прапануецца задавольвацца простай вегетарыянскай ежай, якая падаецца. Кіраўніцтва курса імкнецца рыхтаваць збалансаванае і карыснае меню, прыдатнае для медытацыі. Калі студэнтам прадпісана спецыяльная дыета па медыцынскіх паказаннях, яны павінны паведаміць пра гэта пры падачы заяўкі. Пост не дазваляецца.

Адзенне

Адзенне павінна быць простым, сціплым і зручным. Не дазваляецца насіць тугое, празрыстае, адкрытае або іншым чынам вылучаючае адзенне (такое як шорты, кароткія спадніцы, легінсы і тайтсы, майкі без рукавоў або кароткія топы). Cонечныя ванны і частковая нагата таксама не дазваляюцца. Гэта важна для мінімізацыі адцягнення ўвагі іншых.

Пральня і душ

Пральныя машыны і сушыўныя прыборы не даступныя, таму студэнты павінны ўзяць з сабой дастаткова адзення. Маленькія рэчы можна мыць уручную. Купанне і мыццё адзення дазваляецца толькі ў перапынках і не падчас медытацыйных гадзін.

Знешнія кантакты

Студэнты павінны заставацца на тэрыторыі курса на працягу ўсяго курса. Яны могуць пакінуць яе толькі з дазволу Настаўніка. Да заканчэння курса знешнія камунікацыі не дазваляюцца. Гэта ўключае лісты, тэлефонныя званкі і наведвальнікаў. Мабільныя тэлефоны, пейджары і іншыя электронныя прылады павінны быць здадзены ў кіраўніцтва да канца курса. У выпадку надзвычайнай сітуацыі сябры або сваякі могуць звязацца з кіраўніцтвам.

Музыка, чытанне і пісьмо

Гуляць на музычных інструментах, слухаць радыё і іншую падобную музыку не дазваляецца. Нельга прыносіць на курс матэрыялы для чытання і пісьма. Студэнты не павінны адцягваць сябе, запісваючы нешта. Абмежаванне на чытанне і пісьмо падкрэслівае практычны характар гэтай медытацыі.

Дыктафоны, магнітафоны, фотаапараты і відэакамеры

Вышэйпералічаныя прылады нельга выкарыстоўваць, за выключэннем тых выпадкаў, калі маецца адмысловы дазвол Настаўніка.

Фінансы курса

Згодна з традыцыяй чыстай Віпасаны, курсы праходзяць выключна на аснове ахвяраванняў. Ахвяраванні прымаюцца толькі ад старых студэнтаў, гэта значыць тых, хто скончыў, па меншай меры адзін 10-дзённы курс з С.Н. Гóенкам або адным з яго Настаўнікамі-асістэнтамі. Тыя, хто праходзіць курс упершыню, могуць здаць ахвяраванні ў канцы курса альбо ў любы час пасля яго.

Такім чынам, курс падтрымліваецца фінансамі тых, хто выпрабаваў на сабе перавагі практыкі. Студэнты, якія жадаюць падзяліцца гэтым з іншымі, могуць рабіць ахвяраванні ў адпаведнасці са сваім дастаткам. Падобныя ахвяраванні - адзіныя сродкі фінансавання курсаў у дадзенай традыцыі ва ўсім свеце. Гэтыя курсы існуюць не за кошт якіх-небудзь буйных фондаў або багатых спонсараў. Настаўнікі і арганізатары не маюць ніякіх фінансавых выгод ад свайго служэння. Такім чынам, пры распаўсюдзе Віпа́саны забяспечана чысціня намераў, свабодная ад любых відаў камерцыялізацыі, духу нажывы.

Незалежна ад таго, вялікім ці малым будзе ваша ахвяраванне, яго трэба рабіць з жаданнем дапамагчы людзям: «Курс, які я прайшоў, адбыўся дзякуючы ахвяраванням студэнтаў папярэдніх курсаў; цяпер і я жадаю зрабіць што-небудзь, каб іншыя маглі атрымаць карысць ад гэтай тэхнікі".

Падсумаваньне

Асноўную ідэю, з якой выцякаюць ўсе правілы і падтрыманне дысцыпліны, можна сфармуляваць так:

Будзьце ўважлівыя, клапоцячыся, каб вашы дзеянні нікога не турбавалі. Не звяртайце ўвагі, калі іншыя людзі будуць вам перашкаджаць.

Можа апынуцца, што студэнт не можа зразумець практычных прычын прымянення аднаго або некалькіх з вышэйпералічаных правілаў. Замест таго каб дапускаць ўзнікненне негатыву і сумненняў, варта неадкладна звярнуцца за тлумачэннямі да Настаўніка.

Студэнты могуць дасягнуць добрага разумення практыкі і атрымаць карысць ад яе толькі на аснове дысцыпліны і максімальных намаганняў на працягу ўсяго курсу. Падчас курсу асноўная ўвага надаецца працы. Залатое правіла складаецца ў тым, каб медытаваць так, як калі б вы былі ў адзіноце, звярнуўшы свой розум ўнутр, ігнаруючы любыя нязручнасці і турбуючыя фактары, з якімі вы можаце сутыкнуцца.

Нарэшце, студэнты могуць заўважыць, што прагрэс ў Віпа́сане залежыць выключна ад іх уласных добрых якасцяў і пяці наступных фактараў: добрасумленных намаганняў, даверу, шчырасці, здароўя і мудрасці.

Хай гэтая інфармацыя дапаможа вам атрымаць максімальную карысць ад дадзенага курса медытацыі. Мы рады магчымасці служыць людзям і жадаем вам міру і гармоніі на аснове вашага ўласнага досведу Віпа́саны.

РАСКЛАД КУРСА

Наступны расклад курса распрацаваны для забеспячэння бесперапыннасці практыкі. Для дасягнення найлепшых вынікаў студэнтам рэкамендуецца прытрымлівацца яго як мага дакладней.

"

4:00   Ранішні пад'ём
4:30-6:30   Медытацыя ў зале або ў сваім пакоі
6:30-8:00   Перапынак на сняданак
8:00-9:00   Агульная медытацыя ў зале
9:00-11:00   Медытацыя ў зале або ў пакоі (згодна з указаннем Настаўніка)
11:00-12:00   Перапынак на абед
12:00-13:00   Адпачынак і асабістыя сустрэчы з Настаўнікам
13:00-14:30   Медытацыя ў зале або ў сваім пакоі
14:30-15:30   Агульная медытацыя ў зале
15:30-17:00   Медытацыя ў зале або ў пакоі (згодна з указаннем Настаўніка)
17:00-18:00   Перапынак на гарбату
18:00-19:00   Агульная медытацыя ў зале
19:00-20:15   Прамова Настаўніка ў зале
20:15-21:00   Агульная медытацыя ў зале
21:00-21:30   Час для пытанняў у зале
21:30   Адыход да сну ў сваім пакоі. Выключаецца святло
"

Тут вы можаце спампаваць копію названага вышэй кодэкса дысцыпліны ў фармаце Adobe Acrobat, уважліва прачытайце яго, перш чым зарэгістравацца на курс. Вы можаце падаць заяўку на курс медытацыі Віпа́сана запоўніўшы і даслаўшы нам анкету на запланаваны курс.