Мастацтва жыцця: медытацыя Віпа́сана

Гэты тэкст складзены паводле размовы спадара С.Н. Гóенкі ў Берне, Швейцарыя.

Кожны з нас імкнецца да міру і гармоніі — гэта менавіта тое, чаго нам не хапае ў жыцці. Часам мы ўсе адчуваем узрушанасць, раздражненне, дысгармонію. І калі мы пакутуем ад гэтага, то не трымаем наш боль пры сабе, а распаўсюджваем яго на іншых. Няшчасце пранікае ў атмасферу вакол таго, хто пакутуе, і тыя, хто кантактуе з такім чалавекам, таксама трапляюць пад ягоны ўплыў. Вядома, гэта не ёсць правільны спосаб жыцця.

Неабходна жыць у згодзе з сабой і ў міры з усімі людзьмі. Зрэшты, чалавек — сацыяльная істота, яму трэба жыць у грамадстве і ўзаемадзейнічаць з іншымі. Але як жыць мірна? Як захаваць гармонію ў сабе і падтрымліваць мір і гармонію вакол сябе, каб і іншыя маглі жыць мірна і гарманічна?

Каб пазбавіцца пакут, трэба ведаць іх прычыны. Калі мы пачнём даследаваць гэтую праблему, то хутка стане ясна, што мы становімся няшчаснымі, калі ствараем негатыўнасць або забруджванне ў розуме. Негатыўнасць у розуме, разумовая  забруджанасць або нечысціня не могуць суіснаваць з мірам і гармоніяй.

Як мы пачынаем ствараць негатыўнасць? Даследуем гэта далей, і нам усё стане ясна. Мы становімся вельмі няшчаснымі, калі заўважаем, што хтосьці паводзіць сябе не так, як нам хочацца, або калі адбываецца нешта, што нам не падабаецца. Нешта непажаданае  здараецца, і мы ствараем ўнутры сябе напружанне. Нешта жаданае не здзяйсняецца, з’яўляюцца перашкоды на шляху, і зноў мы ствараем ў сабе напружанне, пачынаем завязваць у сабе вузлы. У жыцці заўседы здараюцца нежаданыя рэчы, і працэс рэакцый, завязванне гэтых вузлоў — гордзіевых вузлоў — робіць усю разумова-фізічную структуру настолькі напружанай і напоўненай негатывам, што жыццё становіцца няшчасным.

Адзін са спосабаў вырашыць гэтую праблему — зрабіць так, каб у жыцці не адбывалася нічога непажаданага, і ўсё адбывалася дакладна так, як мы жадаем. Ці мы самі павінны развіць сілу, ці хтосьці іншы, хто прыйдзе нам на дапамогу, павінен мець сілу, каб забяспечыць, што непажаданыя рэчы не адбываюцца, а ўсё, што мы жадаем, здзяйсняецца. Але гэта немагчыма. Няма нікога ў свеце, чые жаданні заўсёды выконваюцца і ў чыім жыцці ўсё ідзе паводле яго жаданняў, без чаго-небудзь нежаданага. Часам здараюцца рэчы, якія супярэчаць нашым жаданням і памкненням. Тады ўзнікае пытанне: як спыніць сляпое рэагаванне на рэчы, якія мне не падабаюцца? Як мы можам перастаць ствараць напружанасць і заставацца спакойнымі і гарманічнымі?

У Індыі, як і ў іншых краінах, мудрыя і святыя людзі мінулага даследавалі гэтую праблему — праблему чалавечых пакут — і знайшлі рашэнне: калі адбываецца нешта непажаданае, і вы пачынаеце рэагаваць, ствараючы гнеў, страх або іншую негатыўнасць, то як мага хутчэй варта пераключыць сваю ўвагу на нешта іншае. Напрыклад, устаць, узяць шклянку вады, пачаць піць — ваш гнеў не будзе памнажацца, ён пачне сціхаць. Ці пачаць лічыць: адзін, два, тры, чатыры. Ці пачаць паўтараць слова або фразу, магчыма, нейкую мантру або імя Бога, святога; розум адхіляецца, і да пэўнай ступені вы вызваляецеся ад негатыўнасці, ад гневу.

Гэтае рашэнне было карысным; яно працавала і працягвае працаваць. Пры такім падыходзе розум вызваляецца ад узрушанасці. Аднак такое рашэнне працуе толькі на ўзроўні свядомасці. На самай справе, адцягваючы ўвагу, мы штурхаем негатыўнасць глыбока ў сферу падсвядомасці, дзе працягваем ствараць і памнажаць тое самае забруджванне. На паверхні будзе слой міру і гармоніі, але ў глыбінях розуму — спячы вулкан стрыманых негатыўнасцяў, які рана ці позна выбухне з велізарнай сілай.

Іншыя шукальнікі ўнутранай праўды пайшлі далей: перажываючы ўнутры сябе рэальнасць розуму і матэрыі, яны зразумелі, што адцягваць увагу — значыць уцякаць ад праблемы. Уцёкі не з’яўляюцца рашэннем; трэба сустрэць праблему сам-насам. Калі негатыўнасць узнікае ў розуме, проста назірайце за ёй, павярніцеся да яе. Як толькі мы пачынаем назіраць за любым забруджваннем розуму, яно пачынае губляць сваю сілу і паступова слабнуць, знікаць.

Гэта добрае рашэнне, яно пазбягае дзвюх крайнасцяў — стрымлівання і выяўлення. Схаваць негатыўнасць у падсвядомасці — не значыць пазбавіцца яе; калі ж дазволіць ёй праяўляцца ў выглядзе нездаровых фізічных або вербальных дзеянняў, гэта створыць яшчэ больш праблем. Але калі мы толькі назіраем, то забруджванне сыходзіць, і мы вызваляемся ад яго.

Гучыць цудоўна, але як жа на практыцы? Калі ўзнікае гнеў, ён захоплівае нас так хутка, што мы нават гэтага не заўважаем. Тады, захопленыя гневам, мы рэагуем фізічнымі ці маўленчымі дзеннямі, якія шкодзяць нам і іншым людзям. Пазней, калі гнеў сыходзіць, мы пачынаем плакаць і каяцца, просячы прабачэння ў таго ці іншага чалавека ці Бога: “О, я зрабіў памылку, калі ласка, даруйце мне!”. А наступным разам у падобнай сітуацыі мы рэагуем гэтак жа. Усе гэтыя раскаянні зусім не дапамагаюць.

Складанасць у тым, што мы не ўсведамляем, калі пачынаецца негатыў. Ён нараджаецца глыбока ў падсвядомасці, і да таго часу, калі даходзіць да свядомага ўзроўню, настолькі хутка нас апаноўвае, што мы не можам назіраць за ім.

Няхай я найму асабістага сакратара, каб кожны раз, калі пачынаецца гнеў, ён казаў мне: “Глядзіце, пачынаецца гнеў!” Паколькі я не ведаю, калі пачнецца гэты гнеў, мне патрэбрыя трое асабістых сакратароў, якія працуюць у тры змены кругласутачна! Дапусцім, я магу гэта арганізаваць, і вось гнеў пачынае праяўляцца. Адразу сакратар паведамляе мне: “О, глядзіце — пачаўся гнеў!” Тады першае, што я раблю, — крычу на яго: “Дурны! Думаеш, табе плацяць, каб вучыць мяне?”. Я настолькі ахоплены гневам, што ніякая парада не дапаможа.

Няхай мудрасць усё ж перамагла, і я не закрычаў на яго. Замест гэтага я кажу: “Вялікі дзякуй. Цяпер я павінен сесці і назіраць гнеў”. Ці магчыма гэта? Як толькі я заплюшчваю вочы і спрабую назіраць гнеў, адразу прыходзіць у галаву аб’ект гневу — твар ці падзея, з-за якіх я раззлаваўся. Я ўжо не назіраю гнеў. Замест гэтага я назіраю знешні стымул гэтай эмоцыі. Гэта толькі павялічыць гнеў, гэта не рашэнне. Вельмі складана назіраць за абстрактнай негатыўнасцю, абстрактнай эмоцыяй у адрыве ад знешняга аб’екта, які яе выклікаў.

Аднак той, хто дасягнуў найвышэйшай ісціны, знайшоў сапраўднае рашэнне. Ён выявіў, што кожны раз, калі ў розуме ўзнікае забруджванне, адначасова на фізічным узроўні адбываюцца дзве рэчы. Першая — дыханне губляе нармальны рытм. Я пачынаю цяжка дыхаць кожны раз, калі негатыўнасць уваходзіць у розум. Гэта лёгка назіраць. На больш тонкім узроўні ў целе пачынаецца біяхімічная рэакцыя, якая выклікае пэўнае адчуванне. Кожнае забруджванне будзе ствараць унутры тое ці іншае адчуванне.

Гэта з'яўляецца практычным рашэннем.  Звычайны чалавек не можа назіраць абстрактныя забруджванні розуму — абстрактны страх, гнеў ці жарсць. Аднак з належнай падрыхтоўкай і практыкай вельмі лёгка назіраць за дыханнем і цялеснымі адчуваннямі, бо абодва гэтыя працэсы непасрэдна звязаныя з забруджанасцямі  розуму.

Дыханне і адчуванні дапамогуць двума шляхамі. Па-першае, яны будуць выконваць ролю вашых асабістых сакратароў. Як толькі ў розуме з’явіцца негатыўнасць, дыханне згубіць сваю нармальнасць; яно пачне крычаць: «Звярніце ўвагу, нешта адбываецца не так!» Мы не зможам папракнуць дыханне ці зрабіць яму вымову, нам давядзецца прыняць гэтае папярэджанне. Падобным чынам і адчуванні падкажуць нам, што нешта пайшло не так. Тады, атрымаўшы папярэджанне, мы можам пачаць назіраць за дыханнем, пачаць назіраць за адчуваннямі — і вельмі хутка заўважаем, што негатыўнасць знікае.

Гэты ментална-фізічны феномен нагадвае два бакі адной манеты. З аднаго боку ёсць думкі і эмоцыі, якія з’яўляюцца ў розуме, а з іншага — дыханне і адчуванні ў целе. Як толькі з’яўляецца нейкая думка ці эмоцыя, нейкае ментальнае забруджванне, яно адразу ж праяўляецца праз дыханне і адчуванні. Таму, назіраючы дыханне ці адчуванні, мы насамрэч назіраем ментальныя забруджванні. Замест таго, каб уцякаць ад праблемы, мы звяртаемся да яе, успрымаючы рэчаіснасць такой, якою яна ёсць у дадзены момант. У выніку мы знаходзім, што гэтыя забруджванні губляюць сваю сілу, яны больш не могуць апаноўваць нас, як гэта было раней. Калі мы настойліва працягваем практыку, яны, урэшце знікаюць, і мы пачынаем жыць мірным і шчаслівым жыццём, жыццём, якое паступова становіцца вольным ад негатыўнасці.

Такім чынам, тэхніка саманазірання паказвае нам рэальнасць з двух бакоў — унутранага і знешняга. Раней мы глядзелі вонкі, упускаючы ўнутраную ісціну. Мы заўсёды глядзелі вонкі ў пошуках прычыны нашага няшчасця, заўсёды абвінавачвалі і спрабавалі змяніць знешні свет. Ігнаруючы ўнутраную рэальнасць, мы не разумелі, што прычына пакут схавана ўнутры, у нашых уласных сляпых рэакцыях на прыемныя і непрыемныя адчуванні.

Цяпер з практыкай мы можам убачыць іншы бок медаля. Мы здольныя ўсведамляць дыханне і тое, што адбываецца ўнутры. Незалежна ад таго, ці гэта дыханне, ці адчуванне, мы вучымся проста назіраць, захоўваючы раўнавагу розуму. Мы перастаем рэагаваць і памнажаць нашы пакуты. Замест гэтага мы дазваляем забруджванням праяўляцца і сыходзіць.

Чым больш чалавек практыкуе гэтую тэхніку, тым хутчэй знікаюць негатыўнасці. Паступова розум вызваляецца ад забруджванняў, становіцца чыстым. Чысты розум заўсёды поўны любові — неэгаістычнай, бескарыслівай любові да ўсіх людзей, поўны спагады да бед і пакут іншых людзей, поўны радасці за іх поспехі і шчасце, поўны спакою ў любой сітуацыі.

Калі дасягаеш такой стадыі, усё жыццё змяняецца. Чалавек сваімі словамі і дзеяннямі больш не можа парушаць мір і шчасце іншых людзей. Наадварот, ураўнаважаны розум становіцца спакойным, але навакольная атмасфера напаўняецца мірам і гармоніяй, уплываючы на людзей вакол і дапамагаючы ім.

Навучыўшыся заставацца ўраўнаважаным пры любых унутраных працэсах, таксама чалавек развівае раз’яднанне з усім тым, з чым сутыкаецца ў знешніх сітуацыях. Але гэтая раз’яднанне не з’яўляецца ўцёкамі ад жыцця ці абыякавасцю да праблем свету. Тыя, хто рэгулярна практыкуе Віпа́сану, робяцца больш чуллівымі да пакут іншых і робяць усё, што ў іх сілах, каб палегчыць пакуты — не з дапамогай узрушанасці, а з дапамогай розуму, напоўненага любоўю, спагадай і спакоем. Яны вучацца святой бесстароннасці — як быць цалкам адданым, цалкам уцягнутым у дапамогу людзям, адначасова захоўваючы раўнавагу розуму. Так яны застаюцца спакойнымі і шчаслівымі, працуючы дзеля міру і шчасця людзей.

Менавіта гэтаму вучыў Будда — мастацтву жыцця. Ён ніколі не ствараў рэлігій, не вучыў ніякай рэлігіі, ніякім «ізмам». Ён ніколі не вучыў сваіх паслядоўнікаў абрадам і рытуалам, сляпым і пустым фармальнасцям. Наадварот, ён вучыў назіраць прыроду як ёсць, назіраючы рэальнасць знутры. З-за няведання мы працягваем рэагаваць, што шкодзіць нам і іншым. Калі ж узнікае мудрасць — мудрасць назірання рэальнасці такой, якой яна ёсць — мы адыходзім ад звычкі рэагаваць. Калі мы перастаем рэагаваць слепа, мы робімся здольнымі да рэальных дзеянняў — дзеянняў, якія паходзяць ад ураўнаважанага, непарушнага розуму, розуму які бачыць і разумее ісціну. Такое дзеянне можа быць толькі пазітыўным, стваральным, карысным для сябе і іншых.

Такім чынам неабходна “пазнаць сябе” — парада, якую давалі ўсе мудрыя людзі. Пазнаць сябе трэба не толькі на інтэлектуальным узроўні, узроўні ідэй і тэорый, веры ці эмоцый, слепа прымаючы тое, што мы чулі ці чыталі. Такога ведання недастаткова. Замест гэтага мы павінны пазнаць рэчаіснасць праз асабісты досвед. Мы павінны наўпрост перажыць рэчаіснасць  ментальна-фізічнай з'явы. Толькі гэта дапаможа нам пазбавіцца ад пакутаў.

Гэтае прамое перажыванне нашай уласнай унутранай рэальнасці, гэтая тэхніка саманазірання і ёсць тое, што называецца медытацыяй Віпа́саны. На мове Індыі часоў Будды, Віпа́сана азначае глядзець з адкрытымі вачамі, звычайным чынам; а Віпа́сана значыць - назіраць рэчы, як яны ёсць на самай справе, а не якімі яны здаюцца. Відавочную праўду неабходна пранікліва даследаваць, пакуль мы не дасягнем канчатковай праўды ўсёй псіхафізічнай структуры. Пазнаўшы гэтую ісціну, мы навучымся таму, як перастаць рэагаваць слепа, перастаць ствараць негатыўнасці — і, натуральна, старыя забруджванні таксама паступова будуць знікаць. Мы вызваляемся ад пакут і адчуваем сапраўднае шчасце.

Ёсць тры крокі ў навучанні, якія даюцца ў курсе медытацыі. Па-першае, трэба ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, фізічных або моўных, якія парушаюць мір і гармонію іншых. Немагчыма працаваць над вызваленнем сябе ад разумовых забруджванняў і адначасова працягваць здзяйсняць на ўзроўні цела ці мовы дзеянні, якія толькі памнажаюць гэтыя забруджванні. Таму этычны кодэкс неабходны як першы крок практыкі. Чалавек бярэ на сябе абавязак не забіваць, не красьці, не здзяйсняць сексуальных правіннасцяў, не хлусіць і не ўжываць адурманьваючыя рэчывы. Устрымліваючыся ад такіх дзеянняў, чалавек дазваляе розуму супакоіцца дастаткова, каб рухацца далей.

Наступны этап — развіць майстэрства ў кіраванні гэтым дзікім розумам, навучаючы яго канцэнтравацца на адным аб’екце — дыханні. Мы спрабуем як мага даўжэй утрымліваць увагу на дыханні. Гэта не дыхальнае практыкаванне; мы не кіруем дыханнем. Наадварот, мы назіраем натуральнае дыханне, як яно ёсць: як яно ўваходзіць, як выходзіць. Такім чынам, мы ўсё больш супакойваем розум, каб ён больш не быў падпарадкаваны моцным негатыўнасцям. У той жа час мы канцэнтруем розум, робячы яго вострым і пранікальным, здольным да ўспрымання сутнасці.

Першая два этапы — жыць маральным жыццём і кіраваць розумам — вельмі важныя і карысныя самі па сабе, але яны прывядуць толькі да стрымлівання негатыўнасцяў, калі не зрабіць трэці этап: ачысціць розум ад забруджванняў, шляхам развіцця інтуітыўнага разумення сваёй прыроды. Гэта і ёсць Віпа́сана: адчуванне ўласнай рэальнасці праз сістэматычнае і безпрыстраснае назіранне ўнутры сябе за пастаянна змяняльнай з’явай розум-матэрыя, якая праяўляе сябе як адчуванні. У гэтым — кульмінацыя вучэння Будды: самаачышчэнне праз саманазіранне.

Гэтую практыку могуць выконваць усе і кожны. Усе людзі пакутуюць. Гэта ўніверсальная хвароба, агульная праблема, таму і лекі павінны быць універсальнымі. Хвароба не належыць ні да якой секты, таму і лекі не могуць быць сектанцкімі. Калі мы пакутуем ад гневу, гэта не будысцкі, індуісцкі ці хрысціянскі гнеў. Гнеў — гэта гнеў. Калі гнеў выклікае ў нас трывогу, гэта не хрысціянская, іудзейская ці мусульманская трывога. Хвароба універсальная. Лекі таксама павінны быць універсальнымі.

Віпа́сана і ёсць такія лекі. Ніхто не будзе супраць маральнага кодэкса жыцця, які спрыяе міру і гармоніі. Ніхто не будзе супраць развіцця здольнасці кіраваць розумам. Ніхто не будзе супраць развіцця інтуітыўнага разумення сваёй прыроды, з дапамогай якога можна вызваліць розум ад негатыўнасцяў. Віпа́сана — гэта універсальны шлях.

Назіраць рэальнасць якой яна ёсць, назіраць ісціну ўнутры сябе — значыць пазнаваць сябе наўпрост, шляхам непасрэднага досведу. Працягваючы практыку, мы вызваляемся ад пакутаў і забруджванняў розуму. Ад грубай, знешняй, відавочнай ісціны мы рухаемся ў глыбіню канчатковай ісціны розуму і матэрыі. Затым мы выходзім за межы гэтага, перажываючы ісціну, якая знаходзіцца па-за розумам і матэрыяй, па-за часам і прасторай, па-за абумоўленай сферай адноснага; ісціну поўнага вызвалення ад усіх забруджванняў, усіх нячыстасцяў, усіх пакутаў. Незалежна ад таго, як мы называем гэтую канчатковую ісціну, яна з’яўляецца канчатковай мэтай кожнага.

Няхай усе вы спасцігнеце гэтую канчатковую ісціну. Няхай усе людзі вызваляцца ад пакутаў. Хай дасягнуць яны сапраўднага міру, сапраўднай гармоніі, сапраўднага шчасця.

ХАЙ УСЕ ІСТОТЫ БУДУЦЬ ШЧАСЛІВЫЯ!