Пытанні і адказы аб тэхніцы медытацыі Віпасана

Чаму курс доўжыцца дзесяць дзён?

Насамрэч, дзесяцідзённы курс — гэта мінімум; ён забяспечвае аснову і неабходнае ўвядзенне ў тэхніку. Развіваць практыку — гэта праца на ўсё жыццё. Досвед многіх пакаленняў паказаў, што калі Віпасану выкладаюць менш за дзесяць дзён, студэнт не паспявае асвоіць тэхніку. Традыцыйна Віпасану выкладалі на рэтрытах працягласцю сем тыдняў. У канцы XX стагоддзя Настаўнікі гэтай традыцыі пачалі эксперыментаваць з карацейшымі курсамі, каб яны адпавядалі сучаснаму рытму жыцця. Яны спрабавалі 30 дзён, два тыдні, дзесяць дзён, скарачаючы нават да сямі дзён, але высветлілі, што менш за дзесяць дзён недастаткова для супакаення розуму і больш глыбокай працы з феноменам розум-цела.

Колькі гадзін у дзень я буду медытаваць?

Дзень пачынаецца а 4:00 раніцы з гонга для абуджэння і працягваецца да 9:00 вечара. Усяго прыкладна дзесяць гадзін медытацыі ў дзень з перапынкамі на адпачынак. Штодня ў 19:00 усе студэнты слухаюць лекцыю Настаўніка С.Н. Гóенкі, якая дае кантэкст для медытуючых, каб яны маглі ўсвядоміць вопыт дня. Такі расклад аказаўся эфектыўным і карысным для сотняў тысяч людзей на працягу дзесяцігоддзяў.

На якой мове праводзіцца курс?

Навучанне праходзіць з дапамогай аўдыёзапісаў С.Н. Гóенкі на англійскай або хіндзі мовах з перакладам на мясцовую мову. Гэтыя запісы перакладзены на многія мовы свету. Калі Настаўнікі-асістэнты, якія праводзяць курс, не валодаюць мясцовай мовай, ім дапамагаюць перакладчыкі. Мова не з'яўляецца перашкодай для тых, хто жадае прайсці курс.

Колькі каштуе курс?

Кожны студэнт, які наведвае курс Віпасаны, атрымлівае гэты падарунак ад папярэдняга студэнта. За навучанне, пражыванне і харчаванне плата не бярэцца. Усе курсы Віпасаны ва ўсім свеце праводзяцца толькі на дабрачынныя ахвяраванні. Напрыканцы курсу, калі ён апынецца карысным для вас, вы можаце зрабіць ахвяраванне для правядзення наступнага курсу па сваім жаданні і магчымасцях.

Колькі плацяць Настаўнікам, якія праводзяць курс?

Настаўнікі не атрымліваюць ніякай аплаты, ахвяраванняў або іншага матэрыяльнага ўзнагароджання. Ім неабходна мець уласныя крыніцы даходу. З-за гэтага некаторыя настаўнікі могуць мець менш часу на выкладанне, але гэтае правіла абараняе студэнтаў ад эксплуатацыі і не дапускае камерцыялізацыю. У гэтай традыцыі Настаўнікі выкладаюць Віпасану як служэнне іншым, і адзінае, што яны атрымліваюць, — гэта задавальненне ад таго, што бачаць людзей шчаслівымі па заканчэнні дзесяці дзён.

Я не магу сядзець са скрыжаванымі нагамі. Ці магу я медытаваць?

Вядома. Тым, хто не можа сядзець на падлозе з-за ўзросту ці фізічных праблем, выдаюцца крэслы.

У мяне спецыяльная дыета. Ці магу я ўзяць з сабой сваю ежу?

Калі лекар прызначыў вам асаблівую дыету, паведаміце нам, і мы паглядзім, ці можам забяспечыць вас усім неабходным. Калі дыета занадта спецыялізаваная ці будзе перашкаджаць медытацыі, мы, магчыма, папросім вас пачакаць да таго часу, пакуль вы не зможаце быць больш гнуткім. Студэнтам пажадана прымаць ежу, якую прапануюць, і не прывозіць з сабой ежу. Для большасці людзей прапанаванай ежы хапае, і яны з задавальненнем карыстаюцца простай вегетарыянскай кухняй.

Ці могуць цяжарныя наведваць курсы? Ці ёсць для іх якія-небудзь спецыяльныя ўмовы ці інструкцыі?

Цяжарныя могуць наведваць курсы, многія жанчыны спецыяльна прыходзяць на курсы падчас цяжарнасці, каб атрымаць карысць ад магчымасці больш глыбока працаваць і знаходзіцца ў цішыні. Перад рэгістрацыяй мы пытаемся ў цяжарных, ці ўпэўненыя яны ў стабільным ходзе цяжарнасці. Мы прадастаўляем ім дадатковую ежу, якая неабходна, і просім працаваць у менш напружаным рэжыме.

Чаму курс праводзіцца ў цішыні?

Усе студэнты на курсе прытрымліваюцца «высакароднага маўчання», якое ўключае маўчанне праз цела, мову і розум. Яны згаджаюцца ўстрымацца ад зносін з іншымі медытуючымі. Аднак студэнты могуць звяртацца да менеджара курсу з бытавымі  пытаннямі і могуць мець зносіны з інструктарам. Маўчанне падтрымліваецца на працягу першых дзевяці дзён. На дзясяты дзень дазваляецца гаварыць, каб студэнты маглі паступова вярнуцца да звычайнага жыцця. Непарыўнасць практыкі – сакрэт поспеху гэтага курсу, а цішыня з'яўляецца важным кампанентам у падтрымцы такой непарыўнасці.

Ці магу я быць упэўнены, што змагу прайсці курс?

Большасць удзельнікаў паспяхова завяршаюць курс. Вам трэба будзе прытрымлівацца інструкцый і працаваць у калектыве цягам дзесяці дзён. Курс сапраўды патрабуе напружанай і сур'ёзнай працы, але калі вы знаходзіцеся ў дастатковым фізічным і псіхічным стане і гатовы прыкласці шчырыя намаганні, прайсці курс будзе цалкам магчыма.

Ці неабходна прысутнічаць на курсе ад пачатку да канца?

Так. Звярніце ўвагу, што курс доўжыцца 12 каляндарных дзён, уключаючы дзень прыезду і дзень ад’езду.

Ці ёсць стан фізічнага здароўя, пры якім не рэкамендуецца ўдзельнічаць у курсе?

Калі ў вас ёсць пытанні наконт таго, ці можа ваш фізічны стан або абмежаванні ўскладніць удзел у курсе, калі ласка, напішыце на электронную пошту, пазначаную ў кантактнай інфармацыі цэнтра, які адказвае за курс, што вас цікавіць.

Я перажываю складаны перыяд у жыцці. Ці падыходзячы цяпер час, каб прайсці курс?

Гэта залежыць ад таго, праз што вы праходзіце. Пасля ўважлівага прачытання «Увядзення ў Тэхніку» і «Кода Дысцыпліны», ацэніце, ці адчуваеце вы сябе гатовым удзельнічаць у такой інтэнсіўнай праграме ў гэты час. Калі так — запрашаем падаць заяўку, апісаўшы сваю сітуацыю і тое, што вы перажываеце. Пасля гэтага мы зможам даць вам дадатковыя рэкамендацыі ў працэсе разгляду заяўкі.

Ці прызначана Віпасана для лячэння фізічных або псіхічных захворванняў?

Не. Віпасана не з’яўляецца лячэннем ад хвароб, але можа дапамагчы зменшыць псіхічныя пакуты, якія могуць іх суправаджаць. Дзякуючы тэхніцы Віпасаны, медытуючыя вучацца змяншаць негатыўныя звычкі розуму і лепш спраўляцца з рэакцыямі на жыццёвыя падзеі, у тым ліку з фізічнымі і псіхічнымі цяжкасцямі і захворваннямі. Медытацыя Віпасана не з’яўляецца лячэннем або тэрапіяй; настаўнікі і валанцёры не з’яўляюцца медыцынскімі, псіхалагічнымі ці кансультацыйнымі спецыялістамі, а таксама не нясуць функцый апекунства.

А як наконт дэпрэсіі, трывогі, панічных атак або посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР)? Ці можа Віпасана вылечыць гэтыя станы?

Калі вашы перажыванні дэпрэсіі, трывогі, панікі або ПТСР настолькі моцныя, што значна ўплываюць на ваша паўсядзённае жыццё, найлепшым варыянтам будзе звярнуцца да медыцынскага спецыяліста. Мэта Віпасаны — не лячэнне хвароб, а змяншэнне негатыўных псіхічных звычак.

Ці можа Віпасана выклікаць псіхічныя расстройствы?

Хоць большасць людзей паведамляюць пра паляпшэнні ў псіхічным самаадчуванні пасля ўдзелу ў курсе, рэакцыйныя ўзоры, якія яны маглі мець раней, могуць паўстаць наноў. Магчымы таксама з’яўленне раней невядомых ментальных рэакцый, што можа выклікаць нязручныя думкі і адчуванні. Каб выкарыстоўваць практыку для працы з імі, удзельнікі павінны быць у добрым фізічным і псіхічным стане. Важна, каб вы паведамілі нам пра сваю гісторыю псіхічнага здароўя пры падачы заяўкі на курс.

У мяне ёсць гісторыя значных праблем з псіхічным здароўем. Ці будзе гэты курс для мяне прыдатны?

Нават калі ваш псіхічны стан зараз стабільны, з медыкаментамі або без іх, старыя сімптомы могуць паўстаць падчас або пасля курса. Псіхалагічныя захворванні, якія знаходзіліся ў рэмісыі, могуць зноў з’явіцца. Калі гэта здарыцца падчас курса, вы можаце не атрымаць ад яго карысці. Па гэтай прычыне ў некаторых выпадках мы не рэкамендуем курс Віпасаны людзям з гісторыяй значных праблем з псіхічным здароўем.

Ці павінен я быць будыстам, каб практыкаваць Віпасану?

Людзі розных веравызнанняў, а таксама нерэлігійныя людзі знайшлі курс карысным для сябе. Віпассана – гэта мастацтва жыцця, шлях, спосаб жыцця. Хоць гэта і сутнасць таго, чаму вучыў Будда, гэта не рэлігія; хутчэй, гэта развіццё чалавечых каштоўнасцей, якія вядуць да жыцця, карыснага як для сябе, так і для іншых.