Поўны тэкст выступлення спадара Гóенкі перад удзельнікамі “Сусветнага саміту міру мяжы тысячагоддзяў” у Зале Генеральнай Асамблеі ААН.
да ААН: Універсальная духоўнасць дзеля міру
Дата: 29 жніўня 2000Поўны тэкст выступлення спадара Гóенкі перад удзельнікамі “Сусветнага саміту міру мяжы тысячагоддзяў” у Зале Генеральнай Асамблеі ААН.
Каб разагнаць цемру, патрэбна святло. Сёння, калі гвалт, войны і крывавыя сутычкі множаць столькі болю і пакутаў, свету моцна бракуе міру і гармоніі. Гэта вялікі выклік для рэлігійных і духоўных лідараў. Дык давайце прымем гэты выклік.
Кожная рэлігія мае знешнюю форму, або абалонку, і ўнутраную сутнасць, або ядро. Абалонка складаецца з абрадаў, рытуалаў, цырымоній, вераванняў, міфаў, дактрын. Імі рэлігіі адрозніваюцца. Але існуе ядро, агульнае для ўсіх: вучэнні пра маральнасць і міласэрнасць, пра дысцыпліу і чысціню розуму, пра сэрца, якое неабходна напаўняць любоўю, спагадай, добразычлівасцю, памяркоўнасцю. Самае галоўнае — засяродзіцца менавіта на ўнутраным, а не знешнім. Да гэтага мусяць імкнуцца ўсе рэлігійныя лідары, а таксама — іх паслядоўнікі. Калі надаваць належную ўвагу сутнасці, а да павярхоўнага ставіцца талерантна, можна пазбегнуць многіх канфліктаў.
Усе людзі маюць права свабодна выбіраць веру і шляхі яе вызнання. Разам з тым, спасцігаючы сутнасць і каноны сваёй рэлігіі, важна не перашкаджаць тым, хто абраў адрозны шлях, не асуджаць і не прыніжаць паслядоўнікаў іншых рэлігій.
Як нам, жывучы ў віры разнастайных веравызнанняў, адолець нязгоды і стварыць рэальны план дасягнення міру? Да Будды, Прасветленага, часта звярталіся людзі розных поглядаў. Ён казаў ім: "Давайце адкінем нашы рознагалоссі. Давайце звернем увагу на тое, у чым мы можам пагадзіцца, і прыстасуем гэта да практыцы. Навошта сварыцца?" Гэта мудрая парада не згубіла свёй вартасці і сёння.
Я паходжу са старажытнай зямлі, якая цягам тысячагоддзяў давала пачатак розным філасофіскім і духоўным школам. Выключаючы асобныя выпадкі, мая краіна была прыкладам мірнага суіснавання людзей. Прыблізна 2300 гадоў таму ёю кіраваў Ашо́ка Вялікі, чыя імперыя сягала ад сучаснага Афганістана да Бангладэша. Гэты спагадлівы ўладар загадаў паўсюль выгравіраваць на камянях указы, што ўсе рэлігіі павінны быць у пашане; і ў выніку падчас яго ўладарства прыхільнікі ўсіх духоўных традыцый адчувалі сябе ў бяспецы. Ён заклікаў людзей абіраць маральнасць, паважаць бацькоў і старэйшых, не дапускаць забойстваў. Словы, з якімі ён звяртаўся да сваіх падданых, актуальныя і сёння:
“Не варта шанаваць толькі сваю рэлігію і асуджаць іншыя. Наадварот, існуе мноства прычын, каб паважаць усе. Бо праз дапамогу іншым рэлігіям чалавек спрыяе развіццю і сваёй. Калі ж ён дзейнічае насуперак, то шкодзіць не толькі чужым рэлігіям, але і ўласнай таксама рые магілу. Той, хто шануе адну рэлігію і асуджае іншыя, можа лічыць гэта адданасцю, маўляў, "так я ўвекавечваю сваю рэлігію", але падобныя дзеянні наносяць ёй толькі шкоду. Спагада - вось што сапраўды добра. Няхай усе слухаюць, і слухаюць з уважлівай ахвотай, вучэнні іншых" (Каменны ўказ 12)
Імператар Ашока - прадстаўнік слаўнай традыцыі талерантнага суіснавання і мірнага ўзаемадзеяння. Гэту традыцыю працягваюць кіраўнікі і ўрады ў нашы дні. Прыкладам з'яўляецца высакародны манарх Амана, які дазваляе паслядоўнікам розных веравызнанняў будаваць цэрквы і храмы, пры гэтым спавядаючы з усёй адданасцю і стараннасцюсваю ўласную рэлігію . Я ўпэўнены, што такія спагадлівыя лідары і ўрады будуць і надалей з'яўляцца ў многіх краінах па ўсім свеце. Як гаворыцца: "Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя дзецьмі Божымі."
Цалкам відавочна, што прыхільнікі гвалту перш за ўсё шкодзяць сваім родным і блізкім. Яны могуць рабіць гэта непасрэдна, праз сваю нецярпімасць, або ўскосна, правакуючы аргэсію ў адказ на свае учынкі. З іншага боку, гаворыцца: "Шчаслівыя міласэрдныя, бо і яны адчуюць на сабе міласэрнасць." Гэта закон прыроды. Яго можна таксама назваць запаветам і шляхам Бога. Будда сказаў: "Варожасць можна знішчыць не варожасцю, а толькі яе супрацьлегласцю. Гэта вечная Дхарма [духоўны закон]." Тое, што ў Індыі называецца Дхармай, не мае нічога агульнага з індуізмам, будызмам, джайнізмам, хрысціянствам, ісламам, юдаізмам, сікхізмам або любым іншым "ізмам". Гэта простая праўда: перш чым нанесці шкоду іншым, вы спачатку наносіце шкоду сабе, ствараючы псіхалагічную негатыўнасць; і пазбаўляючыся негатыўнасці, вы можаце знайсці мір унутры сябе і ўмацаваць мір у свеце.
Мір у свядомасці дзеля міру ў свеце
Кожная рэлігія, вартая так звацца, заклікае сваіх паслядоўнікаў весці маральны, этычны лад жыцця, дасягаць майстэрства ў кантролі над розумам і культываваць чысціню сэрца. Адна традыцыя кажа: "Любі свайго бліжняга"; іншая - "Салаам алейкум" ("Няхай мір будзе з вамі"); яшчэ адна — "Бхавацю саббамангалам" ці "Сарве бхаванту сукхінах" ("Няхай усе істоты будуць шчаслівымі"). І Біблія, і Каран, і Бгавад-Гіта — усе святыя пісанні заклікаюць да міру і ўзаемадапамогі. Ад Махавіра да Ісуса - усе вялікія заснавальнікі рэлігій былі ўзорнымі прыкладамі цярплівасці і міру. Аднак на нашай планеце працягваюцца рэлігійныя і сектанцкія канфлікты ці нават войны — бо мы надаём значэнне толькі вонкаваму, абалонцы рэлігіі, ігнаруючы яе сутнасць. Вынік гэтага — адсутнасць любові і спагады ў нашых сэрцах.
Мір у свеце немагчымы без міру ўнутры кожнай асобы. Узрушаннасць і мір не могуць існаваць разам. Адзін са спосабаў дасягнуць унутранага міру — гэта Віпа́сана, або медытацыя прасвятлення — не сектанцкая, навуковая, арыентаваная на вынік тэхніка самасузірання і спасціжэння ісціны. Практыкуючы гэтую тэхніку, вы на ўласным вопыце адчуеце, як розум і цела ўзаемадзейнічаюць. Кожны раз, калі ў свядомасці ўзнікае негатыўнасць, прыкладам, нянавісць, гэта выклікае непрыемныя адчуванні ў целе. Кожны раз, калі розум генеруе бескарыслівую любоў, спагаду і дабрадзейнасць, усё цела напаўняецца прыемнымі адчуваннямі. Практыка Віпа́саны паказвае таксама, што працэс мыслення папярэднічае кожнаму фізічнаму і маўленчаму дзеянню, вызначаючы, будзе яно карысным альбо шкодным. Розум мае найбольшае значэнне. Таму мы абавязаныя адшукаць такія метады, якія дапамогуць ачысціць і супакоіць розум. І гэта ўзмоцніць эфектыўнасць дэкларацыі, якая ёсць вынікам нашай сумеснай працы на Сусветным саміце міру.
Старажытная Індыя дала свету дзве практыкі. Адна з іх — фізічныя практыкаванні ў выглядзе паставаў ёгі (асаны) і кантроль дыхання (пранаяма) для падтрымання здароўя цела. Другая — ментальная практыка Віпа́сана, для падтрымання здароўя розуму. Людзі любога веравызнання могуць навучацца абодвум гэтым метадам. Адначасова яны вольныя па-ранейшаму спавядаць свае рэлігіі, захоўваючы ўласны спакой і гармонію; нікому не трэба мяняць веру, што звычайна і ёсць крыніцай напружання і канфліктаў.
Каб у грамадстве панаваў мір, трэба, каб яго чальцы рабіліся больш і больш спакойнымі. Як лідары, мы мусім паказваць прыклад, натхняць. Адзін мудрэц сказаў: "Перад тым як брацца за ўраўнаважанне незабалансаванага розуму кагосьці, збалансуй спачатку свой розум."
Калі зірнуць шырэй, мірнае грамадства непазбежна пачынае жыць у міры і з прыроднай. Мы ўсе разумеем, як важна ахоўваць навакольнае асяроддзе, пазбягаць яго забруджванне. Калі што і перашкаджае нам дзейнічаць згодна з гэтым разуменнем, дык гэта ўласныя ментальныя забруджванні - такія як неадукаванасць, жорсткасць ці сквапнасць. Выдаленне такіх забруджвальнікаў будзе спрыяць міру паміж людзьмі, а таксама гарманічным і здаровым адносінам паміж чалавечым грамадствам і яго прыродным асяроддзем. Такім чынам, рэлігія можа ўплываць на ахову навакольнага асяроддзя.
Безгвалтоўнасць: ключ да вызначэння рэлігіі
Між рэлігіямі абавязкова будуць існаваць адрозненні. Аднак, сабраўшыся на гэтым Сусветным саміце міру, лідары ўсіх асноўных рэлігій паказалі, што яны жадаюць працаваць дзеля міру. Няхай жа мір стане першым прынцыпам "універсальнай рэлігіі". Давайце паабяцаем разам, што адмовімся ад забойстваў, што асуджаем гвалт. Я таксама заклікаю палітычных лідараў далучыцца да гэтай дэкларацыі, улічваючы ключавую ролю, якую яны адыгрываюць у справе ўсталявання міру або вайны. Незалежна ад таго, ці далучацца яны да нас, давайце хаця б мы ўсе дамо клятву тут і цяпер: замест таго, каб падтрымліваць гвалт і забойствы, мы безумоўна асуджаем такія ўчынкі, асабліва здзейсненыя дзеля рэлігіі.
Некаторыя духоўныя лідары валодаюць мудрасцю і смеласцю асудзіць гвалт, учынены ад імя іх веры. Могуць існаваць розныя філасофскія і тэалагічныя стаўленні да акту пакаяння або шкадавання за мінулыя ўчынкі; але ўжо само такое прызнанне азначае, што чалавек усвядоміў злачыннасць і няправільнасць уласных дзеянняў і што ён не будзе паўтараць падобнае ў будучыні.
Давайце ж паспрабуем, пад эгідай ААН, сфармуляваць азначэнне рэлігіі і духоўнасці, перш за ўсё акцэнтуючы ўвагу на безгвалтоўнасці, на адмаўленні падтрымліваць насілле або забойствы. Няма большай бяды для чалавецтва, чым неўсведамленне таго, што рэлігія і мір - сінонімы. Гэты Саміт можа прапанаваць ААН зацвердзіць канцэпцыю "ўніверсальнай рэлігіі" або "несектанцкай духоўнасці".
Я ўпэўнены, што гэты саміт дапаможа скіраваць увагу свету на сапраўдную мэту рэлігіі:
Рэлігія не падзяляе нас; яна вучыць міру і чысціні сэрца.
Шчыра дзякую арганізатарам гэтага гістарычнага Саміту за іх намаганні і дальнабачнасць. А таксама дзякую рэлігійным і духоўным лідарам, якія праявілі сталасць і мудрасць у імкненні да сусветнай кансалідацыі, даючы чалавецтву надзею, што рэлігія і духоўнасць прывядуць усе краіны да мірнай будучыні.
Няхай усе істоты вызваляцца ад нянавісці і стануць шчаслівымі.
Няхай паўсюль пануюць мір і гармонія.